Беларуская Служба

Войска Польскае купляе 1 тыс. 400 сучасных БМП Borsuk (ВІДЭА)

01.03.2023 20:11
Borsuk – плаваючая БМП, узброеная 30-міліметровай гарматай з дыстанцыйным кіраваннем, цалкам распрацаваная польскімі інжынерамі. 
Аўдыё
  • Войска Польскае купляе 1 тыс. 400 сучасных БМП Borsuk
   Borsuk
Баявая машына пяхоты Borsuk польскай вытворчасці YouTube/Polska Zbrojna/screen

У горадзе Сталёва Воля ў Падкарпацкім ваяводстве на поўдні Польшчы падпісанае пагадненне аб пастаўках Войску Польскаму баявых машын пяхоты Borsuk (Барсук). Армія хоча купіць 1 тыс. 400 адзінак сучасных БМП. Плануецца, што пастаўкі БМП Borsuk для ўзброеных сіл пачнуцца ў першай палове 2024 года.

За распрацоўку і выпуск машыны адказвае ваенны завод Huta Stalowa Wola, які ўзначаліў кансорцыум польскіх кампаній, заангажаваных у згаданы праект.

Гусенічаная баявая машына пяхоты Borsuk цалкам распрацаваная польскімі інжынерамі. Borsuk – гэта плаваючая БМП, узброеная 30-міліметровай гарматай з дыстанцыйным кіраваннем. Праектныя работы па стварэнні БМП пачаліся ў 2014 годзе.

Кантракт на пастаўкі быў падпісаны на заводзе кіраўніцтвам прадпрыемства і віцэ-прэм’ерам, міністрам нацыянальнай абароны Мар’юшам Блашчакам. Ён зазначыў, гэта адзін з буйнейшых польскіх абаронных праектаў цягам апошніх 50 гадоў. Блашчак сказаў, што першыя экзэмпляры БМП Borsuk трапяць у Войска Польскае яшчэ сёлета.

- Надышоў час БМП Borsuk! Першыя чатыры адзінкі машыны ўжо сёлета трапяць у 16-ю Механізаваную дывізію. Яны будуць несці службу з салдатамі, якія дбаюць пра бяспеку ў паўночна-ўсходняй частцы краіны. Я спадзяюся, што як мага хутчэй у нашу армію паступіць як мага больш новых БМП.

Блашчак таксама дадаў, што Польшча робіць стаўку на сучасную тэхніку і зброю, згодна са стандартамі НАТА.

- Мы стараемся размяшчаць заказы на тэхніку і зброю на польскіх прадпрыемствах, і таму завод Huta Stalowa Wola мае цэлы партфель заказаў, падпісаных з польскай арміяй. Зброя і тэхніка польскай вытворчасці дапаўняе імпартную зброю, купленую, для прыкладу, у ЗША і Паўднёвай Карэі.

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі звярнуў увагу на тое, што ў бліжэйшы час завод Huta Stalowa Wola атрымае датацыю з дзяржаўнага бюджэту пачаткова на 600 млн злотых, а пазней дадаткова – на 1 млрд 200 млн злотых (1 еўра = 4,71 злотага паводле курсу НБП – рэд.).

- Дзякуючы датацыі ўдасцца павялічыць прадукцыю, у прыватнасці, нашых самаходных артылерыйскіх установак Krab, якімі задаволеныя артылерысты, а таксама БМП Borsuk. Мы бесперапынна мадэрнізуем і павышаем аператыўную здольнасць Войска Польскага. Дзякуючы гэтаму палякі могуць сябе адчуваць у бяспецы.

Polskie armatohaubice Krab Polskie armatohaubice Krab

Актуальна некалькі адзінак БМП праходзяць палявыя выпрабаванні ў 15-й механізаванай брыгадзе, якая ўваходзіць у склад 16-й Механізаванай дывізіі і якая дыслакуецца на паўночным усходзе Польшчы. Пра тое, як адбываюцца выпрабаванні, расказаў камандуючы брыгадай, дывізіённы генерал Пётр Файкоўскі.

- Падчас выпрабаванняў салдаты вядуць агонь, тэстуюць зброю, устаноўленую на БМП, а таксама правяраюць, якім чынам машына паводзіцца ў рознай мясцовасці. Адначасова вайскоўцы маюць магчымасць перадаць свае ўвагі адносна канструкцыі, напрыклад, эрганомікі, інжынерам-канструктарам.

Huta Stalowa Wola – буйны польскі завод ваенна-прамысловага комплексу, заснаваны ў 1939 годзе, хоць яго гісторыя сягае пачатку ХХ стагоддзя. Прадпрыемства вядомае выпускам ваеннай тэхнікі і ўзбраення, у прыватнасці, самаходных артылерыйскіх установак Krab, якія пазітыўна ацэньваюць не толькі польскія, але і ўкраінскія артылерысты на фронце.


Акрамя гэтага, на заводзе выпускаецца самаходны мінамёт RAK, рэактыўная сістэма залпавага агню WR40 Langusta, колавая самаходная артылерыйская ўстаноўка Kryl, зенітная самаходная ўстаноўка PZA Loara, мінамёты, гусенічная тэхніка і іншыя вырабы ваеннага прызначэння.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл